ГЕАГРА́ФІЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ,

галіна эканамічнай геаграфіі, якая вывучае фактары і заканамернасці размяшчэння, умовы і асаблівасці развіцця прам-сці ў розных краінах і раёнах. Падзяляецца на агульную, рэгіянальную і геаграфію галін прам-сці. Агульная геаграфія прамысловасці даследуе заканамернасці фарміравання тэр. структуры прам-сці, выяўляе месца прам-сці ў геагр. (тэрытарыяльным) падзеле працы, яе становішча сярод інш. галін вытв-сці ў агульнай сістэме нар. гаспадаркі. Рэгіянальная геаграфія прамысловасці вывучае прамысл. вытв-сць у складзе прамысл. цэнтраў і вузлоў, раёнаў, краін, гіст.-геагр. асаблівасці яе фарміравання, характар яе галіновай структуры, грамадска-эканам. і прыродныя ўмовы размяшчэння з мэтай планавання і развіцця прамысл. вытв-сці. Геаграфія галін прамысловасці вывучае размяшчэнне прадпрыемстваў асобных галін прам-сці. На Беларусі геаграфія прамысловасці, як галіна эканам. геаграфіі, пачала развівацца ў 1920-я г. (Г.І.Гарэцкі, А.А.Смоліч, Р.Рак, М.Ярашэвіч, Ярмашэвіч і інш.).

т. 5, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)